Телефоны консультации:
Режим работы:
пн-пт c 9:00 до 17:30
  • РУС
  • БЕЛ
  • ENG

Сям’я”, сагрэтая любоўю

21.05.2021 - Коцік Валянціна Уладзіміраўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “НПК Забалацкія яслі-сад сярэдняя школа” Воранаўскага раёна

 

Навучэнцы ДУА “НПК Забалацкія яслі-сад-сярэдняя школа” сумесна з філіялам “Курчоўскі сельскі клуб” арганізавалі і правялі для аднавяскоўцаў святочнае мерапрыемства “Сям’я”, сагрэтая любоўю”, прысвечанае Міжнароднаму дню сям’і.

Вёска Курчоўцы патанае ў аксамітнай зелені. Цёплым майскім днём у мясцовы клуб збіраюцца яе жыхары: ад малога да старога.  Ды як і не сабрацца, калі ў клубе Свята сям’і. Ды і яшчэ запрошаны на святочнае мерапрыемства члены фальклорнага клуба “Спадчына” (кір.Коцік В.У.) – навучэнцы  10 класа і іх класны кіраўнік Міхайлава Я.Я.

Жыхары старэйшага ўзросту з настальгіяй прыгадваюць тыя часы, калі ў сельскім клубе  нярэдкімі гасцямі былі прафесійныя артысты, і самі выступалі рэгулярна перад аднавяскоўцамі. Нават  на тэлебачанне ў Мінск не раз ездзілі з канцэртнай праграмай  пад кіраўніцтвам былога загадчыка клуба Васько Веры Іванаўны, якая сёння  па просьбе мясцовых жыхароў ізноў вярнулася “ў свой клуб”, але ўжо ў якасці мастацкага кіраўніка.

    …У прызначаны час гледачы пачалі запаўняць залу, якая была прыгожа аформленая ў стылі сялянскай хаты: канапа, лавы тых часоў, куфэрак, посцілкі. Шмат тут былых прылад  працы і рэчаў штодзённага ўжытку: прыгожыя абрусы, фіранкі, сурвэткі, ручнікі, вытканыя  нашымі бабулямі.

Вера Іванаўна паведаміла гледачам аб Міжнародным свяце сям’і, расказала аб сем’ях в.Курчоўцы. Прадставіла прыёмную сям’ю Паўловіч (сямёра сыноў: 4 з іх прыёмныя), якая  актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праходзяць у клубе. Сям’я  музыкальная: спявае і іграе на баяне не толькі тата Уладзімір Рамуальдавіч, але і сыны Уладзімір, Дзяніс і прыемныя Уладзіслаў і Роберт. З песень у выкананні гэтай сям’і і пачалася святочная праграма, якую прадоўжылі    артысты ДУА “НПК Забалацкія яслі-сад-сярэдняя школа” фальклорным святам “Вячоркі”. Сустрэлі юных артыстаў бурнымі апладысментамі.

…Вячоркі распачаліся. Гасцей шчыра сустракалі апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы гаспадары дома Лявон, Лявоніха  і іх дачушка Алеся.У ролі Лявона і Лявоніхі выступалі вучні 10 класа Врублеўская Віялета  і Комар Яўген. Ролю Алесі выконвала Мінгілевіч Анастасія. 

 Першымі  на вячоркі завіталі дзяўчаты з Забалаці — вучні 10 класаў і, вядома ж, галоўная дзеючая асоба вячорак — Несцерка, ролю якога выконваў Врублеўскі Яўген. Несцерка заглянуў “на агеньчык” са сваімі прыбауткамі ды і з песнямі. Загучала   ў зале беларуская   народная песня “Цячэ вада ў ярок”. Адразу  трэба адзначыць, што беларускія песні і частушкі ў выкананні дзяўчынак і хлопчыкаў не пакінулі ў зале нікога раўнадушнымі.

Але гэта яшчэ не ўсе госці, якія завіталі на вячоркі. Пачуўшы  гучны смех і жарты,   зайшла на хвілінку і бабулька-шаптуха з вёскі Гіркі (Бальцэвіч Анастасія). Яна парадавала дзяўчат тым, што дапамагла (“нашаптала”)  Ганначцы (Вярцінскай Анастасіі) сустрэцца са сваім суджаным Грышкам (Ресялевічам Уладзіславам).

А якія ж вячоркі без танцаў?  Пацешылі  гасцей і гаспадароў дзяўчаты беларускім танцам “Рэчанька”,  які прыгожа станцавалі і праінсцэніравалі. Калі хлопцы і дзяўчаты пачалі частушкі спяваць,  не  ўтрымаўся на сваім месцы гаспадар Лявон, ён так па-заліхвацку прытанцоўваў на сцэне і з такім гонарам “праводзіў” сваіх гасцей. Напэўна, усе прысутныя ў зале хацелі б апынуцца на месцы нашых артыстаў,  бо так доўга не сціхалі апладысменты ад убачанага.

Весела  на вячорках было ўсім: і гледачам, і артыстам.

Вось ужо артысты разам з гледачамі пайшлі гуляць у беларускія гульні, затым закружыліся парамі ў польцы, і   Несцерка ўскочыў са свайго месца і таксама пайшоў у скокі. Так спадабаліся яму хлопцы і дзяўчаты, што доўга не адпускаў гасцей.

Гаспадары пачаставалі танцораў, і тыя адправіліся ў дарогу. А вячоркі яшчэ прадаўжаліся.

Беларускія загадкі, прымаўкі, неверагодныя вясковыя гісторыі  з жыцця шашых бабуль і дзядуль, якія гучалі са сцэны ў выкананні нашых маленькіх артыстаў, кранулі усіх.

Напрыканцы вячорак прагучала песня ”Бывайце здаровы”. Узнагарода ўдзельнікам вячорак — моцныя працяглыя апладысменты, а гледачам — добры настрой і надзея, што такія мерапрыемствы стануць рэгулярнымі.

Загадчыца клуба Шыліна Людміла Вацлаваўна выказала словы падзякі усім артыстам і прысутным.

…Мерапрыемства праляцела як адно імгненне. Дарослыя і дзеці, што прысутнічалі ў зале, былі ўражаны ўбачаным і пачутым. Некаторых з іх мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Васько Вера Іванаўна:
- Мерапрыемства  атрымалася цудоўным. На працягу гадзіны часу дзеці так прыгожа спявалі, танцавалі і нават інсцэніравалі песні. Яны напомнілі нам усім пра нашу маладосць,  адкуль нашы карані, вытокі, а таксама прымусілі задумацца, што з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю нашага жыцця.
 Жыць ў згодзе і радасці, вучыцца ў нашых продкаў мудрасці, помніць іх запаветы, бо без памяці няма сумлення. Нам шкада, што гэтыя вячоркі праляцелі як адно імгненне. Вельмі парадавалі нас і гаспадар з гаспадыняю, і госці, і музыканцікі. Шчырае дзякуй настаўнікам Яніне Міхайлаўне і Валянціне Уладзіміраўне. Хочацца верыць, што такія мерапрыемствы ў нас будуць рэгулярнымі, таму мы запрашаем вас часцей прыязджаць у госці.

 Паўловіч Н.Г., прыемная мама Руселевіча Уладзіслава:
- Мне свята вельмі спадабалася. Юныя артысты
на некаторы час адправілі нас у цікавае падарожжа ў мінулае. Яны паказалі яшчэ раз, што кожны чалавек пасля працоўнага  дня павінен мець адпачынак, умець  яго цікава і з карысцю правесці.  І яшчэ  раз  напомнілі,  што мы маем багатую спадчыну,  якую неабходна вывучаць і перадаваць будучым пакаленням.

                                               

Коцік Валянціна Уладзіміраўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “НПК Забалацкія яслі-сад сярэдняя школа”

Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці

21.05.2021 - Коцік Валянціна Уладзіміраўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “НПК Забалацкія яслі-сад сярэдняя школа” Воранаўскага раёна